Лета было ў самым разгары. Дзённая лiпеньская спёка цяжкiм, даўкiм смогам ахiнула, сцiснула, быццам абцугамі, двухмiльённы горад i вось ужо месяц трымае яго ў напружаным чаканнi – чаканнi дажджу. Здаецца, што асфальт на вулiцах плавiцца, ператвараецца ў пластылiн, i ад яго ўвачавiдкi, паволi цягнецца ўгору цяжкае, гарачае, прыкра-горкае паветра, якое завiсае над гмахамi дамоў, ствараючы вялiзны яйкападобны панцыр. I нават ноч не прыносiць прахалоды, а слабенькi начны вятрыска, як нi стараецца, не можа прабiцца да гарадскiх вулiц. Жыццё, здаецца, замарудзiлася. Трава ўздоўж тратуараў i ў невялiкiх скверах ды парках звяла, а найбольш сонечнымi месцамi заўчасна жоўкне i сохне. Дрэвы таксама ўмомант знiякавелi, лiстота звiсае скручанымi ледзяшамi i немагчыма каля iх знайсцi i лапiка ценю, каб перадыхнуць, схавацца ад прамянiстага, бязлiтасна-гарачага сонца. Разамлелыя людскiя чэргi толькi i ўбачыш каля кiёскаў, дзе прадаюць марожанае. А вось заўсёды крыклiва-гаманкiя аматары пенiстага пiва не здрадзiлi любiмаму пiтву, а толькi пакiнулi абгароджаную каля кiёска пляцоўку з трыма круглымi бруднымi сталамi i сцiшана месцяцца ўздоўж сцяны жылога дома, дзе яшчэ крыху ёсць цень.
У адзiнае вакно кабiнета старшага следчага пракуратуры Васiля Мiкалаевiча Смаляка сонца зазiрае ўранку ўсяго на якую гадзiну, i следчаму заўсёды яго не хапае. Нават гэтымi спякотнымi днямi, калi чырвоны слупок на тэрмометры перакулiў за дваццаць пяць градусаў i настойлiва падкрадаўся да адзнакi трыццаць, следчы, не задумваючыся, змянiў бы свой пакой на той, дзе многа сонца i цяпла. Смаляк быў невысокi, але, як кажуць, чалавек шырокай косцi, рухавы, а выразныя шэра-сiнiя вочы пазiраюць з-пад чорных вузкiх броваў спагадлiва i шчыра. Яму было трыццаць пяць гадоў, хоць выглядаў ён на ўсе сорак. Заўчасная сiвiзна, глыбокiя, не па гадах, зморшчыны каля вачэй, па ўсiм, ад таго, што саромеўся насiць акуляры, на лбе i ў куточках рота старылi, асаблiва калi следчы быў нечым заклапочаны. У гэтыя хвiлiны ён меў хваравiты, пакутнiцкi выгляд. I наадварот, калi ўсмiхаўся, ад хваравiтасцi не заставалася i знаку, твар свяцiўся непадробнай шчырасцю, нейкiм унутраным святлом, i Смаляк маладзеў на добры дзесятак гадоў. Характар меў лагодны, спагадлiвы, не ачарсцвеў за час работы ў пракуратуры, але, калi трэба было, мог пастаяць, i не толькi за сябе. Мо якраз праз гэта i цягнулiся да яго людзi, давяралi асабiстае, самае iнтымнае, пра што нават на споведзi не кожны прызнаецца.