Нелюбімыя гінуць

О книге

Автор книги - . Произведение относится к жанрам современные детективы, современная зарубежная литература. Оно опубликовано в 2022 году. Международный стандартный книжный номер: 978-5-532-92578-6.

Аннотация

Чарговая кніга беларускага пісьменніка Віктара Праўдзіна – першая частка рамана «Нелюбімыя гінуць» – «Выпрабаванне». Гэта няпростыя гісторыі трох жанчын. Зусім розных, але іх аб’ядноўвае нялёгкі лёс і выпрабаванні. Глыбокая псіхалогія, паглыбленне ў абставіны, нечаканыя павароты розных сюжэтных ліній. Кніга з’яўляецца мастацкім творам. Усе аналогіі з рэчаіснымі асобамі ці падзеямі выпадковыя.

Читать онлайн Виктор Правдин - Нелюбімыя гінуць


Маці Зінаідзе Арсенцьеўне прысвячаю


1

Толькі-толькі бралася на раніцу. Агністы сонечны дыск квола мацаў далягляд, быццам яму нешта перашкаджала вылузнуць з-за яго і ўскараскацца на нябесны блакіт, а мытня ўжо была падобная да мурашніка. Толькі не жвавыя мурашы беглі да аднапавярховых, здавалася, плоскіх будынін, а вужакай сунулася паўкіламетровая чарада рознакаляровых, непаваротлівых, але шумных і смуродных машын. Тыя, хто апынуўся тут трошкі раней, не звярталі ўвагі на зыбліва-барвовы далягляд, на малінава залацістыя промні, якія вяшчалі пра новы дзень, мо таму не спяшалася паказвацца і сонца. Яно ўздымалася паволі, з годнасцю, ад яго, як і ад гэтых людзей, сённяшнім травеньскім ранкам таксама веяла раўнадушным, калючым холадам.

Некаторыя чарадоўцы падсілкоўваліся, расклаўшы прыпасы тут жа, на машынах: хто на капоце, хто на заднім веку багажніка. Яны выглядалі ўважліва-засяроджанымі, напружанымі, гатовымі ў любы момант імгненна завяршыць трапезу і ўціснуцца ў цесныя салоны аўтамашын, прапахлыя чалавечым целам, парфумай і тытунём, каб праз хвіліну-другую, зрушыўшы з месца і праехаўшы ўсяго некалькі метраў, зноў заглушыць рухавікі, перад тым мацюкнуўшы, абняславіўшы ўлады за вядомыя на ўсю Еўропу чэргі.

Ніхто не звярнуў увагу на прапылены «рафік», які пад’ехаў апошнім: змрочныя позіркі скіраваны толькі ўперад, туды, дзе ёсць нейкі рух, адкуль даносяцца галасы, чуецца пералівісты званочак – міліцэйскі свісток. Напэўна, мытня – адзінае месца, дзе гэты свіст слухаюць з задавальненнем, яго тут чакаюць, да яго прыслухоўваюцца, бо ведаюць, што наперадзе, раўняючы чаргу і накіроўваючы машыны да памежнікаў, шчыруе мітуслівы даішнік.

Рухавага міліцыянера ніхто не баіцца, але большасць вадзіцеляў, хутчэй па звычцы, пазірае на яго лісліва, іншыя хітруюць і вітаюцца, быццам з даўнім знаёмым, хоць і бачаць сяржанта ўпершыню. І ўсё ж боязь ёсць: раптам міліцыянер надумае праверыць дакументы і выпхне з чаргі? А гэта, лічы, цэлая гадзіна, а то і больш дарма патрачанага часу.

Дзесьці апоўдні павітаўся з даішнікам і вадзіцель «рафіка». Міліцыянер у адказ імпэтна закруціў паласатым жэзлам і незадаволена крыкнуў: «Праязджай, не затрымлівай».

Памежнік, невысокі хударлявы прапаршчык, з вузкім хваравітым тварам, прастуджана шморгаючы кручкаватым носам, доўга вывучаў дакументы: спярша вадзіцеля, а потым семярых пасажыраў. У «рафіку» ехала шасцёра дзяўчат, прыблізна аднаго ўзросту, ад дваццаці да дваццаці трох гадоў, і трошкі старэйшы, апрануты ў скураны пінжак, джынсы, на нагах белыя красоўкі, чарнявы цыганаваты хлопец, якому з-за ранняй сівізны можна было даць і ўсе трыццаць.


Рекомендации для вас