Тысячагадовы Тагачаск дрэмле, спавіты вузкай стужкай Звілічы, пад медны звон, свіст ветру і сігналы машын. Што сніцца яму, неаднойчы разбуранаму ўшчэнт агнём, вадой ды мечам гораду-феніксу, зачараванаму волату?
Горад бачыць вачыма сваіх жыхароў,
горад марыць іх мары і мроіць іх мроі.
І каменнае сэрца гарачую кроў
па артэрыях вуліц ды венах двароў
праціскае, і пульс адбіваецца ў скроні.
Распраўляюцца плошчы ад подыху дзён,
аблятае бульвары віхура лістоты.
Абадраўшы аблокі аб шэры бетон,
разбіваецца неба на пазлы вакон,
як няўмела праз краты заснятае фота.
А на фота бушуе надзей акіян.
І праз грубую рэтуш гадоў акаянных,
праз імжу, навальніцы, завеі, туман
на пусты і бязлікі зялёны экран
пратачыліся цмяныя фарбы світання…
Частка 1. Па кальцавой дазволеныя 120
– Станіслава, добры вечар!
Батман спяшаўся: не разлічыў, што паркавацца пад вечар давядзецца ажно напачатку вуліцы. Але голас, густы, бадзёры, не выдаваў задышкі. Зубрэвіч азірнулася.
– Добры вечар, Кірыл Аляксандравіч.
Яна з сілай штурхнула дзверы, зрабіла крок убок, прапускаючы адваката. Той дакорліва пасміхнуўся, прытрымаў дзверы і паказаў, каб праходзіла першай. Станіслава ўляцела ў хол, апынулася ля стойкі вахтара, крэмзанула штосьці рашуча-няўцямнае ў журнале наведнікаў і адскочыла.
Батман дастаў бліскучую асадку з лагатыпам B&P, дробна вывеў прозвішча, падняў вочы на гадзіннік. 17-22. Іх запрашалі на 17-15. Станіслава чакала старту.
– Хадземце.
Апошні раз ён быў у школьных калідорах, калі забіраў атэстат перад падачай дакумантаў на юрыдычны. Потым жыццё закруціла, і нават міма сваёй школы Кірыл Батман не праходзіў год дваццаць. Аднакласнікі клікалі яго на нейкія сустрэчы, першыя гады не асабліва хацелася, а пасля дык зусім не стала часу. Нават падчас выбараў не хадзіў на ўчастак – электаральныя святы Тагачаска цесна перапляліся з ягонымі працоўнымі абавязкамі. У калегіі часам жартавалі: электаральны чос, касі каса, пакуль раса. Летась жарты скончыліся. Дый сёлета не да жартаў.
Грамадзяне ва ўсе часы ставіліся да школы па-рознаму. Хтосьці крыўдаваў на сапсаванае дзяцінства, нехта маліўся на педагогаў, што адкрылі дарогу ў жыццё. Але летась тагачасцы паўсталі ў чэргі ля школ ад рання, і ўвечары вярнуліся да школьных ганкаў, каб паглядзець у вочы настаўнікам. Колькі было ў іх веры і надзей, столькі ж стала болю, непаразумення, крыўды. Дзіцячай крыўды на тых, хто вучыў не хлусіць, выконваць свой доўг да канца, быць смелымі і паслядоўнымі, адстойваць сваё гледзішча… Кожны, каго падобнаму ўсё ж навучылі, прыйшоў з гэтай навукай да вышчарбаных прыступак ці мармуровых калон, перасохлых у жнівеньскую спёку кветнікаў ці ажурных парканаў, кожны прыйшоў вырашыць простую задачку на працэнты і зверыць адказ з усёй краінай… Не склалася.