Горад Ліда і Лідчына заўсёды займалі важкае становішча ў гісторыі і культуры Беларусі. Зараз старажытны беларускі горад Ліда месціцца ў Гродзенскай вобласці і з'яўляецца цэнтрам Лідскага раёна. Знаходзіцца за 112 км на ўсход ад Гродна і 96 км на поўдзень ад Вільні. Горад з'яўляецца чыгуначным вузлом, ад станцыі Ліды адыходзяць чыгуначныя лініі на Гродна, Вільню, Маладзечна, Баранавічы. Плошча Ліды каля 25 км>2, у горадзе жыве 103 262 чалавекі (на 1 студзеня 2025 года), на самым пачатку XX ст. – каля 10 000.
У горадзе працуе шэраг буйных прадпрыемстваў, маецца 14 агульнаадукацыйных сярэдніх школ, ліцэй, гімназія, каледж, музычны каледж, 2 прафесійныя каледжы, школа алімпійскага рэзерву, 53 дашкольныя ўстановы. Працуюць 5 паліклінік, цэнтральная раённая бальніца і міжабласная псіханеўралагічная бальніца «Астроўля».
Як і ўсе беларускія гарады, Ліда мае сваю працяглую і слаўную гісторыю.
Лідзяне не могуць уявіць свой горад без замка і іх заўсёды будзе цікавіць яго гісторыя і хваляваць яго лёс.
Дом маіх бацькоў стаяў зусім недалёка ад замка, і гэты помнік беларускай гісторыі і культуры з'яўляецца часткай майго дзяцінства. Таму я і пішу пра замак, бо ён – сэрца і пачатак горада, гонар і наша галоўная архітэктурна-гістарычная каштоўнасць.
Адзін з першых малюнкаў з выявай Лідскага замка i горада належыць мастаку Юзафу Пешку (19.02.1767 – 4.09.1831). Гэта акварэль паказвае замак і горад у пачатку XIX ст., на ёй бачны стаў вакол маляўнічых руін замка, на поўнач ад муроў – будынак фарнага касцёла, узведзены ў 1770 г.
Гэта кніга – толькі невялікі нарыс, у якім я, як аўтар, раскажу дасведчанаму чытачу не шмат новага ці раней невядомага. Мэта кнігі – коратка расказаць пра гісторыю замка ад пачаткаў да нашага часу, каб зацікаўлены чытач мог хутка атрымаць усю неабходную інфармацыю. У гэтым сэнсе я іду па шляху невялікай, але вельмі важнай у свой час кнігі нашага выбітнага гісторыка і даследчыка Лідскага замка Алега Трусава «Старадаўніх муроў адраджэнне. Мінулае і сучаснасць лідскага замка» (Мінск, 1990.), якая пэўна была першай кнігай, цалкам прысвечанай гісторыі замка, аднак пачаткам лідскага краязнаўства, бясспрэчна, стала кніга лепшага ў XX ст. знаўцы гісторыі Лідчыны Міхала Шымялевіча «Город Лида и Лидский замок: исторический очерк» (Вильна, 1905.).