Глава 1. У тры гадзіны дня
Мечыслаў ужо даволі доўга бадзяўся па цэнтры горада, пазіраючы на будынкі. Гэта быў звычайны працоўны дзень, абедзенны час якога Мечык праводзіў вывучаючы свой любімы горад. Гродна стаў яму родным, хоць вырас ён у невялікім мястэчку нездалёк.
Старыя, крывыя вулачкі, велічныя касцёлы – у гэта ўсё цяжка было не ўлюбiцца. Мечык і не спрабаваў супраціўляцца абаянню горада. Ужо ў першы прыезд ён ведаў, што хацеў бы жыць тут, сярод усёй гэтай прыгожай даўніны, якая не палохала чалавека сваёй несувымернай яму веліччу, хоць падобнае можна было сказаць, да прыкладу, пра Фарны касцёл, але ўсё ж не – і ён быў Мечыку сваім, як сябар дзяцінства, з якім звязваюць гады дробных свавольстваў і грубых правін, радасцяў і крыўдаў. Гарадзенская даўніна ўлагоджвае гараджан, радасна ўсміхаючыся ім мілавіднымі фасадамі, з маленькімі балкончыкамi, над каменным тратуарам.
Вось ужо некалькі гадоў бліскучы выпускнік аднаго з польскіх універсітэтаў, магістр гістарычных навук – пан Мечыслаў, працаваў, не пакладаючы рук, зусім не па сваёй спецыяльнасці. Працаваць прыходзілася не галавой, а рукамі і хоць, па сутнасці, Мечык нічога не меў супраць такой працы, у глыбіні душы варушылася крыўда ні то на сябе, ні то на краіну, ні то на тых, хто быў вінаваты ў такім становішчы яго краіны.
Каб філасофстваваць, зрэшты, у Мечыслава было не вельмі шмат часу. Хлопец ужо паспеў абзавесціся жонкай і маленькім дзіцём, і абодва гэтых родных і блізкіх яму чалавека, зразумела, патрабавалі самай пільнай увагі, якую Мечык з задавальненнем аддаваў ім, не забываючы пры гэтым і пра сваю творчасць.
Тварыць жа Мечыслаў мог не толькі гістарычныя нататкі, але і карціны. Гісторык сапраўды нядрэнна маляваў. Такая адоранасць, безумоўна, яшчэ больш распальвала жаданне Мечыка працаваць у асноўным сваім розумам, а не мускуламі.
У абліччы гэтага маладога, дваццаці з лішнім гадоў ад нараджэння, чалавека, была прыкметная ахайнасць. Характар пана Мечыслава быў не самы спакойны, хоць гэты добры па натуры хлопец не трацiў разважлівасьці і валодаў здольнасцю стрымліваць гарачыя парывы сваёй душы, у тыя моманты, калі яна клікала яго наперад.