Мы жывем адначасова ў двух гарадах
Падваеньне асобы зрывае нам дах
Дык няўжо нам ніколі не склеіць, не сшыць Менск і Мінск —
дзьве паловы сталічнай душы?
Лявон Вольскі
Паважаны магчымы чытач…
Зьвяртаюся да Цябе з просьбай паразуменьня. У гэтай кніжцы я сабраў у адно сваё бачаньне, мары, сны, сваё адчуваньне мястэчка Луна-Волі, таксама ўспаміны, замалёўкі, назіраньні іншых людзей. Не адкідаў у бок знойдзеныя дакумэнты. Але ўсё напісанае і сабранае адносіцца да таго майго, мной успрынятага мястэчка Луна-Волі. Гэта не гістарычны твор. Калі гэтыя запісы трапяць у рукі чытачу ці то з «агрогородка Лунно», ці то (прабачце за нясьціпласьць) з гішпанскай Гернікі дэ Луна, ці яшчэ якога месца з падобнай назвай і ён раптам пазнае ў нейкім пэрсанажы сябе ці свайго знаёмага, ведайце, што Вы чытаеце мае суб’ектыўныя думкі да тога «майго» мястэчка без прэтэнзіі, што гэта адзіная правільная ацэнка падзеі ці асобы… Для кагосьці, магчыма, не існуе мястэчка Луна-Воля, а ёсьць вёска Лунна, ці «агрогородок Лунно», так як піша Лявон Вольскі пра Менск і Мінск. Кожны мае права на сваё бачаньне…
Да ўсяго знойдзенага, хоць трошкі зьвязанага з мястэчкам матэрыялу, я адносіўся вельмі хціва. Мне шкада было нешта не ўключыць. Але гэта прывяло да таго, што я ня змог аб’яднаць мае набыткі ў адно цэлае. Так атрымаліся часткі тэксту, аб’яднаныя ці-то ў часе, ці гістарычнай падзеяй, ці лёсам людзей, ці аддзельнай тэмай, напрыклад, пра Нёман.
Я марыў зрабіць кніжку аб улюбёным мной мястэчку, бо канчаткова перакананы, што людзі павінны ведаць гісторыю свайго роду, сваёй «малой радзімы», дзе нарадзіўся ён ці яго продкі, Гісторыю сваёй Айчыны. Не, я не памыліўся, напісаўшы Гісторыя з вялікай літары, бо Гісторыя сваёй Айчыны для грамадзяніна заўсёды вялікая, нягледзячы на яе сьветлыя і цёмныя старонкі. Кажуць, што ў нашых продкаў існаваў такі звычай, калі юнака пасьвячалі ў мужчыны, то адным зь іспытаў было веданьне гісторыі свайго роду ў сямі пакаленьнях! Ня ведаеш, ня маеш права быць мужчынам! Гэта забясьпечвала, каб чалавек дбаў пра гонар свайго роду і памнажаў яго. Спадзяюся, што з дапамогай гэтых запісаў частка жыхароў мястэчка больш блізка пазнаёміцца з гісторыяй Луна-Волі і больш яго палюбіць.