Переводчик Леанід Лаўрэш
© Цітыюс Юльян, 2024
© Леанід Лаўрэш, перевод, 2024
ISBN 978-5-0064-8096-4
Создано в интеллектуальной издательской системе Ridero
Пра доктара Юльяна Цітыюса
Доктар Юльян Цітыюс (1819—1898), сын віленскага рэстаратара Аўгуста Цітыюса (? —1839), быў у Вільні вельмі вядомай асобай. Працаваў ён у віленскіх шпіталях Савічы і св. Якуба, быў членам Віленскага дабрачыннага і Віленскага медыцынскага таварыстваў. З'яўляўся вядомым калекцыянерам. Пасля заканчэння Віленскай медыцынскай акадэміі Цітыюс вучыўся ў самых вядомых прафесараў у Празе, Лондане і Вене. Пасля вяртання ў Вільню ён ужываў самыя перадавыя метады лячэння, заслужыў давер, любоў і ўдзячнасць пацыентаў. Юльян Цітыюс лячыў не толькі заможных, але і бедных пацыентаў і не проста бясплатна, але нават часта сам матэрыяльна падтрымліваў іх.
Ніжэй падаецца пераклад успамінаў доктара Цітыюса, якія друкаваліся ў 1922 г. у віленскім «Пшэглёндзе Віленскім» і каментары Уладзіслава Талочкі (1887— 1942) да часткі ўспамінаў віленскага доктара, якія надрукаваны ў тым жа выданні.
Перакладчык і складальнік кнігі Леанід Лаўрэш
З успамінаў д-ра Юльяна Цітыюса1
Ад рэдакцыі «Пшэглёнда Віленскага»:
Пра ўспаміны д-ра Юльяна Цітыюса (1820—1898) напісаў др. Юзаф Бялінскі ў №10 «Тыгодніка Віленскага» за 1911 г. Успаміны Цітыюса – фаліянт у 42 аркушы ў скураной вокладцы, напісаны добрым почыркам, захоўваецца ў бібліятэцы імя Урублеўскіх. Успаміны ахопліваюць значную частку XIX ст., змяшчаюць цікавыя матэрыялы пра незвычайна разгалінаваныя стасункі папулярнага ў Вільні лекара і маюць не толькі аўтабіяграфічную, але і гістарычную каштоўнасць. Не чакаючы поўнага выдання гэтых мемуараў, пачынаем друкаваць цікавыя фрагменты ў храналагічным парадку, так, як іх запісваў сам аўтар.
Пераклад і каментары Леаніда Лаўрэша
1.
1838 г. памятны тым, што вясной памёр слаўны доктар і прафесар Віленскай акадэміі Андрэй Снядэцкі2, брат астранома Яна Снядэцкага3, які шэсць гадоў быў рэктарам універсітэта і памёр, здаецца, у 1830 г.
Імяніны Андрэя студэнты апошні раз святкавалі ў 1837 г. у мурах клінікі, дзе ён выкладаў практычную медыцыну. Зала была аздоблена пальмамі і кветкамі, і сярод іх стаяў бюст шаноўнага віноўніка свята. Выступалі на лаціне, але апошняя прамова студэнта старэйшага курса Адама Пянкевіча была імправізацыяй, якая пачыналася наступнай страфой: