Вітаю, мы незнаёмыя. Я Антось, а гэта мой першы зборнік апавяданьняў. Тут знойдзецца гуманітарная НФ, прыгодніцкая, высьмешлівая, плянэтарная фантастыка, фэнтэзі, спэкуляцыйная бэлетрыстыка, містыка, нават гістарычна-фантастычная п’еса.
Пісаць апавяданьні я пачаў сямнаццаць гадоў таму, а ў 2012-ым ужо меў іх столькі, што мог паадбіраць найлепшыя й выпусьціць таўсьцюткую кніжку – як гэта, на добры лад, і варта было зрабіць. Але ж не паадбіраў і ня выпусьціў – пераймаўся якасьцю, баяўся, хто што скажа й падумае.
Цяпер не пераймаюся й не баюся. Старыя апавяданьні, з аднаго боку, за гэты час не палепшалі, а зь іншага – і актуальнасьці не згубілі, бо ня мелі яе адпачатку. Летась я апублікаваў быў дэбютны раман і глядзець на такія рэчы стаў прасьцей.
У мяне самога ляжыць колькі дэбютных кнігаў вершаў і апавяданьняў беларускіх пісьменьнікаў, атрыманых цікавым спосабам: штосьці давалі ў надатак, калі купляў у кнігарнях іншыя выданьні; штосьці бясплатна – толькі вазьміце, няма куды падзець – раздавалі на літаратурных імпрэзах; штосьці дарылі аўтары, бо й накладу ў сто асобнікаў не маглі распрадаць. Яно й ня дзіва. Бальшыня гісторыяў, паводле трапнага выразу Джэфа ВандэрМэера, не выклікае ў чытачоў ніякага водгуку й сыходзіць у шэрыя землі няпомнасьці.
Мая кніжыца – якраз з такіх. І гэта добра. Магу сабе дазволіць пэўныя вольнасьці, бо ня думаю, што нават сярод тых, каму яна трапіць у рукі, знойдзецца багата ахвотнікаў чытаць далей за прадмову.
Як бы там ні было, калі ўвесь час пішаш апавяданьні, раней ці пазьней маеш выпусьціць зборнік. «Раней» у мяне не атрымалася, то сама час зрабіць гэта зараз. Куды цягнуць? Штосьці лепшае за нічога. Дый гледзячы на тое, што цяпер выдаюць нашыя вядомыя пісьменьнікі, я разумею: дарма пераймаюся. Пагатоў, ні на што большае за забаўляльную літаратуру не прэтэндую.
У гэтай кнізе – дробная частка напісанага мной: сямнаццаць тэкстаў на сямнаццаць гадоў. Каторыя творы зьніклі разам з старымі цьвёрдымі дыскамі й згубленымі нататнікамі, каторыя (бальшыня) папросту слабыя, каторыя для зборніку не пасуюць праз фармат: сцэнары й бэлетрызацыі ролевых гульняў, псальмы й прыповесьці выштукаванае рэлігіі, сумесная форумная творчасьць, апавяданьні ў падарунак сябрам, практыкаваньні ў стылі, творы па-старабеларуску, мэшапы і ўсялякае рознае, чаму я й назвы не прыдумаю.